«СУ́ВЯЗЬ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ І НЕПАДЗЕ́ЛЬНАСЦІ БЕЛАРУ́СІ»,
арганізацыя, якая існавала ў 1917—18 у Вільні. У яе ўваходзілі В.Ластоўскі, князь В.Святаполк-Мірскі, барон К.Шафнагель і інш. З 2.6.1917 да 22.4.1918 выдала 4 лістоўкі з выкладам сваіх поглядаў (іх аўтарам лічыцца Ластоўскі). Адмаўляла ідэю Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, паводле якой на бел. і літ. землях, акупіраваных Германіяй, прапаноўвалася стварыць бел.-літ. дзяржаву; выступала за злучэнне падзеленай фронтам Беларусі ў «адзін суцэльны і незалежны арганізм». Прапаноўвала ўстанавіць у незалежнай дзяржаве рэсп. лад, правесці беларусізацыю школ, рэліг. і дзярж. устаноў з забеспячэннем правоў нац. меншасцей. Выступала за тое, каб прадстаўнікі бел. народа «з абедзвюх старон фронту» былі дапушчаны на мірную канферэнцыю і каб яна прызнала незалежнасць Беларусі; выказвала надзею, што польскае грамадства не будзе чыніць перашкоды ў культ. і нац. будаўніцтве. Прызнаючы права літ. народа на незалежнасць, арг-цыя выступала супраць анексіянісцкіх памкненняў дзеячаў Літвы. Лічыла, што паліт. раўнавага ў Еўропе цесна звязана з вырашэннем укр. пытання, вітала Укр. раду і жадала, каб Украіна была прызнана незалежнай дзяржавай. Адначасова выказвалася за федэратыўныя сувязі з суседнімі народамі, вылучала ідэю «Беларуска-Украінскай федэратыўнай дзяржавы». Палажэнні праграмы, распрацаванай «С.н. і н.Б», прыняты Беларускім народным камітэтам (БНК), канферэнцыяй БНК, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групай і Віленскім к-там Беларускай сацыялістычнай грамады (вер. 1917), а таксама Беларускай канферэнцыяй 1918 у Вільні. Палажэнні гэтай праграмы спрабаваў ажыццявіць урад Беларускай Народнай Рэспублікі.
А.М.Сідарэвіч.
т. 15, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)